Брестводоканал

17 верасня – асаблівы дзень у Беларусі. Свята, якое стала аднаўленнем гістарычнай справядлівасці, напоўненай новымі сэнсамі. Гэта свята ўсіх беларусаў.

Дзень народнага адзінства – не проста дата ў календары. Ён, як і адзначаемыя ўсімі Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці нашай краіны, – жывая сувязь часоў, калі ўрокі гісторыі становяцца фундаментам для будучыні. Гэта свята не мінулага, а сучаснасці, якую мы будуем сёння і зараз, будуем сваімі рукамі. Яно сімвалізуе непарушнасць межаў і этнічную згуртаванасць беларускай нацыі.

І таму Дзень народнага адзінства мае асаблівае значэнне. Ён дазваляе захаваць нашу нацыянальную самасвядомасць. Зберагчы нацыю. Захаваць яе чалавечнасць – сапраўдны брэнд Беларусі.

Ідэя заснавання Дня народнага адзінства прагучала на самым высокім узроўні ў лютым 2021 г. на VI Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». І ўжо 7 чэрвеня 2021 г. новае свята ў адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з'явілася ў нашым календары.

Але нават нягледзячы на тое, што сёння ў суверэннай Беларусі мы святкуем Дзень народнага адзінства толькі ў шосты раз, для нас ён не новы. Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся 28–30 кастрычніка 1939 г., прыняў дэкларацыю аб абвяшчэнні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Менавіта тады 17 верасня было абвешчана святочным днём – днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту польскай буржуазіі і памешчыкаў. А практычна ва ўсіх гарадах заходняй часткі нашай рэспублікі з'явіліся і існуюць па сённяшні дзень вуліцы 17 Верасня.

Гістарычнай асновай Дня народнага адзінства стала ўз'яднанне БССР і Заходняй Беларусі, гвалтоўна ўключанай у склад Польшчы ў 1921 годзе амаль на два дзесяцігоддзі без уліку меркавання беларускага народа. І толькі 17 верасня 1939 г. беларусы атрымалі магчымасць жыць у адзінай дзяржаве, праводзіць сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, развіваць культуру і адукацыю ў інтарэсах усяго народа.

«Памяць пра гэтую падзею жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яна стала актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі, – падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнка. – Вось чаму патрэбны суверэнітэт і незалежнасць – каб нас больш ніколі супраць нашай волі не дзялілі. 17 верасня сімвалізуе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі».

Гістарычныя перадумовы ўз'яднання беларускіх зямель

Па Рыжскім мірным дагаворы, падпісаным 18 сакавіка 1921 г. без удзелу беларускай дэлегацыі, амаль палова тэрыторыі Беларусі, на якой больш за 70% карэннага насельніцтва складалі беларусы, адышла да Польшчы. Беларускую нацыю падзялілі штучна і супраць яе волі. Новая дзяржаўная мяжа прайшла нават праз некаторыя вёскі. Стоўбцы, Баранавічы, Брэст, Пінск, Вілейка, Браслаў, Нарач па волі падпісантаў Рыжскага міру ў адзін момант сталі замежжам. Суседзі, сем'і, сваякі былі падзелены калючым дротам і кардонамі. Але самае страшнае: заходнія беларусы апынуліся на мяжы знікнення менавіта як беларусы, як нацыя.

На ўсёй тэрыторыі «крэсаў усходніх» (так называлі Заходнюю Беларусь у складзе Польшчы) польскія ўлады паслядоўна праводзілі палітыку пад лозунгам «Польшча для палякаў».

Перыяд польскага панавання пакінуў цяжкі след у гісторыі беларускага народа. Хоць польская Канстытуцыя гарантавала павагу да этнічнай самабытнасці і яе захаванне, на практыцы правы беларусаў пастаянна і мэтанакіравана парушаліся, а спробы іх адстойвання караліся ў крымінальным парадку. Польскія ўлады адмаўлялі само права беларусаў называцца народам. Як і права на дзяржаўнасць і незалежнасць.

Пазіцыю афіцыйнай Варшавы ў дачыненні да беларускага насельніцтва лепш за ўсё адлюстроўваюць заявы польскага кіраўніцтва таго часу.

Даведачна:

У 1926 годзе міністр юстыцыі Польшчы Аляксандр Мейштовіч цынічна заявіў: «Беларусі самой гісторыяй наканавана быць мостам для польскай экспансіі на Усход. Беларуская этнаграфічная маса павінна быць перароблена ў польскі народ. Гэта прысуд гісторыі, мы павінны гэтаму спрыяць».

У 1936 годзе ў Сейме міністр адукацыі Польскай Рэспублікі Леапольд Скульскі адзначыў: «Запэўніваю вас, панове, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай не знойдзеце [у Заходняй Беларусі] ніводнага беларуса».

Становішчу нашых суайчыннікаў у Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы ў 1921–1939 гг. даюцца розныя вызначэнні: нацыянальны і сацыяльны прыгнёт, акупацыя. Але насамрэч гэта быў сапраўдны этнацыд беларускага народа.

Даведачна:

У адрозненне ад генацыду (фізічнае знішчэнне людзей) этнацыд – гэта палітыка, накіраваная на знішчэнне этнічных рыс і поўную асіміляцыю, калі адзін народ «раствараецца» ў іншым, губляючы сваю мову, культуру, звычаі, калі адмаўляецца само права народа называцца народам.

Ён праяўляўся праз забарону беларускай мовы, праваслаўнай веры, праяў нацыянальных асаблівасцей. Беларусы не дапускаліся да дзяржаўных пасад, у армію, паліцыю, фактычна былі абвешчаны «людзьмі другога гатунку». Беларусам адмаўлялася ў праве на нацыянальную самабытнасць. Польская адміністрацыя на тэрыторыі Заходняй Беларусі і ў цэлым польская эліта ўспрымалі мясцовых жыхароў як дзікіх абарыгенаў. Польскія настаўнікі збіралі беларускіх дзяцей на Палессі, апраналі іх у нацыянальныя кашулі-вышыванкі і везлі на паказ і забаву «цывілізаванай публікі» ў г. Кракаў, дэманструючы як жывых тубыльцаў з «цёмных і неўладкаваных краёў». І ахвотна фатаграфавалі для польскіх часопісаў, падкрэсліваючы як другаснасць дзяцей, так і неабходнасць іх далучэння да культуры.

Падзел існаваў і ў чыста эканамічным плане. Самі польскія эканамісты прызнавалі, што існуюць цэнтральная Польшча «А» і ўсходняя Польшча «Б». У Польшчу «А» укладваліся вялікія капіталаўкладанні, там ствараліся сучасныя вытворчасці. А з усходняй Польшчы «Б» – у тым ліку з Заходняй Беларусі – толькі выкачваліся рэсурсы. Рэгіён ператварыўся ў адсталы аграрна-сыравінны рэгіён польскай дзяржавы. У найбольш цяжкім становішчы апынулася заходнебеларуская вёска, дзе пражывала больш за 80% усяго насельніцтва краю. Сяляне пакутавалі ад беззямелля і падатковага цяжару. Пры гэтым заробак беларусаў быў значна ніжэйшы, чым у палякаў, а прадукцыі яны выраблялі ў разы менш, чым у Савецкай Беларусі. Высокім быў узровень траўматызму на прадпрыемствах. Многія рабочыя жылі ў цесных халодных бараках, падвалах, дзе не было ні вады, ні цяпла, ні святла, а плата за жыллё складала 1/3 заробку. У гарадах з-за спаду ў прамысловасці расла беспрацоўе.

Польскі ўрад праводзіў палітыку паланізацыі праваслаўнай царквы: улады актыўна выкарыстоўвалі польскі каталіцкі касцёл, які ўсяляк замацоўваў у свядомасці вернікаў тэзіс «католік – значыць паляк». У праваслаўных праз судовыя рашэнні адбіралі храмы, якія пасля гвалтоўна ператвараліся ў касцёлы. Быў нават прыдуманы штучны канструкт «праваслаўныя палякі» – сапраўдны аксюмаран (спалучэнне супрацьлеглых паняццяў у адным выразе). Прадпісвалася чытаць пропаведзі па-польску, а ксяндзоў-беларусаў, якія вялі богаслужэнні на роднай мове, высылалі ў каталіцкія прыходы карэннай Польшчы, замянялі ксяндзамі-палякамі, адпраўлялі нават на місіянерскую дзейнасць у далёкі г. Харбін. Нават пераклад Бібліі на беларускую мову расцэньваўся як «камуністычная дзейнасць».

Беларуская культура і адукацыя дзеяннямі польскіх улад былі пастаўлены ва ўмовы пастаяннай барацьбы за выжыванне. Сістэматычна ліквідаваліся беларускія газеты і часопісы, бібліятэкі і клубы, пераследаваліся як беларускія дзеячы культуры, пісьменнікі і паэты, так і простыя школьныя настаўнікі.

Даведачна:

Так, настаўніца малодшых класаў Навагрудскай беларускай гімназіі Вольга Русілка перажыла некалькі ператрусаў і часовых арыштаў, яе педагагічны дыплом палякі анулявалі.

Настаўніка матэматыкі Радашковіцкай беларускай гімназіі Фёдара Станкевіча абвінавацілі ў сувязях з Беларускай сялянска-рабочай грамадой, некалькі гадоў пратрымалі ў турме і пажыццёва адхілілі ад педагагічнай дзейнасці.

Працэсы над настаўнікамі вяліся выключна на польскай мове, а спробы размаўляць па-беларуску трактаваліся як «непавага да суда» і неадкладна спыняліся. Настаўнікаў абвінавачвалі ў «замаху на цэласнасць дзяржавы» і «антыдзяржаўнай прапагандзе» – пад гэты артыкул падпадала захоўванне беларускіх кніг і выкананне беларускіх песень. Рэчавымі доказамі служылі матэрыялы, канфіскаваныя дэфензівой (тайнай паліцыяй) падчас начных ператрусаў: партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа, беларускія кнігі і падручнікі. Пад надуманымі падставамі закрываліся беларускія школы. Калі ў пачатку 1920-х гг. у Заходняй Беларусі дзейнічалі 2 беларускія настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 беларускіх гімназій і каля 400 пачатковых беларускіх школ, то ў 1938/1939 навучальным годзе не засталося ніводнай такой школы.

Для беларусаў быў практычна закрыты доступ да вышэйшай адукацыі і навукі. У адзіным на тэрыторыі краю Віленскім універсітэце колькасць беларускіх студэнтаў не перавышала 3%.

У той жа час усе, хто не жадаў мірыцца з падобным становішчам, хто спрабаваў адстойваць правы беларусаў, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям.

Даведачна:

У канцы 1923 года ў турмах Заходняй Беларусі налічвалася 1300 палітычных зняволеных, а ў жніўні 1927 г. – ужо 3 тыс. Толькі за 1923 год у Польшчы былі прыгавораны да смяротнага пакарання 109 чалавек, большасць з іх – беларускія патрыёты.

Сумна вядомым сімвалам этнацыду беларускага народа стаў канцлагер «Бяроза-Картузская», створаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1934 годзе. Туды без суда і следства заключалі людзей, якія выказвалі нязгоду з польскай уладай. Праз катаванні, знявагі і катаржную працу прайшлі да 10 тыс. чалавек (пераважна з Заходняй Беларусі). Гэта адзін з першых канцэнтрацыйных лагераў у свеце, які стаў прататыпам і школай кадраў для канцлагераў нацысцкай Германіі, такіх як Трэблінка і Бухенвальд.

Сёння былы канцлагер «Бяроза-Картузская» з'яўляецца не толькі адным з сімвалаў страшных падзей этнацыду беларускага народа, але і Усебеларускім месцам памяці ахвяр польскай акупацыі. Сюды штогод прыходзяць тысячы людзей розных узростаў, каб аддаць даніну памяці нявінным ахвярам крывавых катаў, якія спрабавалі забараніць нашым продкам быць самімі сабой, быць беларусамі.

І гэта далёка не адзінае трагічнае месца на нашай зямлі. Па ўмовах утрымання не лепшым за гітлераўскі Асвенцым быў Баранавіцкі фільтрацыйны лагер, за калючым дротам якога людзі месяцамі пакутавалі ў перапоўненых неацяпляемых бараках, паміралі ад тыфу. Дзённы рацыён складаў кубак кіпеню і міска баланды. Гісторыкі высветлілі, што ў Баранавічах памірала да паўсотні чалавек у дзень.

Але нават такі рэпрэсіўны рэжым аказаўся бяссільным зламаць код беларускай нацыі, прымусіць яе адмовіцца ад сваіх каранёў. У 1937–1938 гг. польскія вучоныя правялі закрытыя (не прызначаныя для шырокай публікі) этнасацыялагічныя даследаванні, якія вывучалі ўзровень нацыянальнай свядомасці ў заходнебеларускіх рэгіёнах. Анкетаванне на тэрыторыі Віленска-Троцкага і Ашмянскага паветаў паказала добры ўзровень нацыянальнай свядомасці палякаў толькі ў сямі вёсках з 52 апытаных. У большасці ж сваёй праваслаўныя беларусы ў вёсках больш імкнуліся да беларускай культуры.

Больш за тое, у канцы 1937 года МУС Польшчы распрацавала сакрэтны план па высяленні этнічна беларускага насельніцтва з Заходняй Беларусі і перасяленні сюды этнічных палякаў. Паводле гэтага плана для стабільнай перавагі Польшчы планавалася міграцыя шасці млн чалавек. На шчасце, верасень 1939 года паставіў крыж на такіх вар'яцкіх задумах.

Акрамя таго, несправядлівы супрацьпраўны падзел беларускай нацыі і жорсткая акупацыйная палітыка польскіх улад выклікалі шырокі рух супраціву нашага народа, у тым ліку ў форме партызанскай барацьбы супраць захопнікаў. Да 1922 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі з польскімі акупантамі змагаліся больш за 10 тыс. партызан, у шэрагах беларускага нацыянальна-вызваленчага руху складаліся сотні тысяч чалавек. Жыхары Заходняй Беларусі актыўна выступалі за ўз'яднанне з адзінакроўнымі братамі ў БССР.

Супраціўленне, з якім сутыкнуліся польскія ўлады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, з'яўляецца доказам таго, што беларусы адбыліся як нацыя, гатовая да самастойнага нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Менавіта гэтая сталасць, выяўленая ў моцнай самасвядомасці, сфарміравала тую гістарычную волю, з якой не маглі не лічыцца знешнія сілы. Нягледзячы на ўсе намаганні польскіх улад беларускаму народу ўдалося захаваць этнакультурнае адзінства. Паміж жыхарамі Усходняй і Заходняй Беларусі не існавала непераадольных супярэчнасцей. Этнічна, гістарычна і духоўна гэта быў адзіны маналітны народ. Менавіта таму ў беларускай гісторыі і грамадскай свядомасці не было і няма штучнага падзелу на «заходнікаў» і «ўсходнікаў».

Кансалідацыя грамадства – вырашальны фактар устойлівага
развіцця краіны

Гісторыя нас навучыла: толькі разам, стоячы плячом да пляча, цяжкай і ўпартай працай можна пераадолець любыя выпрабаванні. Менавіта так было і ў 1939 годзе, калі ў выніку паходу Чырвонай арміі Заходняя і Усходняя Беларусь уз'ядналіся. Шматнацыянальны Народны сход Заходняй Беларусі аднагалосна прагаласаваў за ўсталяванне савецкай улады ў краі і ўз'яднанне з БССР, а жыхары былых «крэсаў усходніх» сустракалі воінаў-чырвонаармейцаў як вызваліцеляў.

Жыхары Заходняй Беларусі, аб'яднаўшыся са сваімі братамі з Савецкай Беларусі, змаглі за кароткі прамежак часу ажыццявіць значныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні.

Ужо да сярэдзіны 1940 года на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі дзейнічала каля 430 калгасаў, якія аб’ядноўвалі больш за 23 тыс. сялянскіх гаспадарак. Былі прыкладзены значныя намаганні для нармалізацыі становішча ў сацыяльнай сферы. Дзякуючы дзейнасці савецкага ўрада была створана сістэма бясплатнай медыцынскай дапамогі, якую на канец 1940 года аказвалі 243 бальніцы і радзільныя дамы, 207 паліклінік і амбулаторый. Не менш грунтоўная работа была праведзена ў галіне народнай адукацыі, у выніку чаго ў 1940/1941 навучальным годзе ў Заходне-Беларускай вобласці дзейнічала 5959 школ, больш за 4500 з якіх – з выкладаннем на беларускай мове.

Прычым значны ўклад у сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ўнеслі самі арганізатары вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Сярод іх – Андрэй Валынец, Мірон Крыштафовіч, Сяргей Прытыцкі, Іосіф Урбановіч, Уладзімір Царук, Вера Харужая і многія іншыя. Нельга не ўзгадаць і дзеячаў беларускай культуры Янку Брыля, Піліпа Пестрака, Максіма Танка, Валянціна Таўлая.

Усё гэта арганічна склала адзіную тканіну гістарычнага развіцця нашай краіны, умацавала менталітэт беларускага народа і заклала асновы яго сучаснай дзяржаўнасці. Сіла згуртаванасці, адзінства – гэта для беларусаў не проста тэрміны, а здольнасць выстаяць у складаныя перыяды гісторыі, каб адстаяць сваё нацыянальнае «я».

І нават стала – ні многа ні мала – фактарам нацыянальнай бяспекі. Сёння гатоўнасць беларускага народа аб’яднацца дзеля агульнага дабра застаецца ключавым фактарам стабільнага і паступальнага развіцця Беларусі, захавання і ўмацавання яе суверэнітэту, а межы нашай дзяржавы з’яўляюцца гарантыяй мірнага жыцця для ўсіх.

Сёння беларусы – прадстаўнікі розных пакаленняў, прафесій і сацыяльных груп – кожны на сваім месцы добрасумленнай працай уносяць пасільны ўклад ва ўмацаванне і росквіт нашай роднай зямлі. Дзякуючы гэтаму мы жывём у вельмі камфортнай, бяспечнай краіне, дзе будуюцца школы, ствараюцца новыя працоўныя месцы, адкрываюцца магчымасці для навуковай дзейнасці і творчасці.

Нам ёсць чым ганарыцца. У далёкім 1939 годзе нашы продкі адстаялі сваё права «людзьмі звацца», і цяпер мы будуем знешнюю і ўнутраную палітыку на аснове ўласных інтарэсаў.

Сучасная Беларусь – адна з нямногіх дзяржаў свету, якая здолела забяспечыць поўную харчовую бяспеку. Пры гэтым беларускія вытворцы не толькі задавальняюць унутраны попыт, але і валодаюць значным экспартным патэнцыялам. У прыватнасці, наша краіна ўваходзіць у дзясятку асноўных экспарцёраў малочнай прадукцыі і ў топ-15 вядучых экспарцёраў мясной прадукцыі.

Многія краіны могуць пазайздросціць і нашаму інтэлектуальнаму патэнцыялу, а ён сапраўды высокі. Кожны трэці рубель выручкі беларускія прадпрыемствы машынабудавання атрымліваюць ад рэалізацыі інавацыйнай прадукцыі.

Тэхніка і электроніка, вырабленыя ў Беларусі, працуюць на ўсіх кантынентах зямнога шара. Флагманы машынабудавання – МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» і іншыя нашы брэнды – гэта падстава для абгрунтаванай гонару кожнага, хто любіць нашу краіну.

Наша краіна імкліва ўвайшла ў атамную эліту свету. Дзякуючы Беларускай АЭС мы атрымалі шэраг канкурэнтных пераваг і змаглі значна ўмацаваць энергетычную бяспеку і незалежнасць рэспублікі. Сёння краіна мае надзейную, эканамічную і экалагічную крыніцу энергіі на дзесяцігоддзі наперад.

Прычым і атамная станцыя, і развіццё біятэхналогій ды іншых інавацый, і асваенне космасу – усё гэта прарыўныя напрамкі, арыентаваныя ў будучыню. Усе яны спрыяюць таму, каб Беларусь стала яшчэ больш моцнай і квітнеючай дзяржавай. І ўсё гэта зрабілі мы – краіна працаўнікоў і стваральнікаў, аб’яднаных агульнай мэтай: жыць на сваёй зямлі адной вялікай дружнай сям’ёй.

Але спыняцца нельга. Ва ўмовах, калі сучасныя дзяржавы зноў усё часцей падвяргаюцца ціску з боку больш моцных сусветных гульцоў, а народы губляюць сваю Радзіму, традыцыі і каштоўнасці, страчваючы нацыянальную ідэнтычнасць, мы мірна і стваральна будуем сваю будучыню. І ад асабістай адказнасці і дысцыпліны кожнага з нас на сваім працоўным месцы, ад нашай уцягнутасці і актыўнасці залежыць, якой будзе наша любімая Радзіма – Рэспубліка Беларусь, у якой краіне будуць жыць нашы дзеці.

Гісторыя няўмольна сведчыць: існаванне моцнай нацыянальнай дзяржавы немагчыма без захавання гістарычнай памяці пра ахвяры, без пачуцця павагі і любові да нашых суайчыннікаў, якія аддалі сваё жыццё за нас з вамі, дзеля адзінай і непадзельнай Беларусі. І таму свята 17 верасня – Дзень народнага адзінства – гэта ўмацаванне нацыянальнай салідарнасці, каб Беларусь навекі была адзінай і непадзельнай. Сам час вярнуў гэтую дату ў наш каляндар дзяржаўных свят, а грамадзяне нашай краіны прынялі Дзень народнага адзінства, што называецца, сэрцам.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова ў сваіх выступленнях падкрэсліваў, што менавіта адзінства беларусаў дазволіла нацыі выстаяць, пераадолеўшы мноства цяжкасцей. «Мы адзіныя ў імкненні жыць на роднай зямлі сваім розумам і працай. Адзінства для нас – галоўная ўмова развіцця нацыі» – акцэнтаваў ён падчас аднаго з урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства.

Дзень народнага адзінства – напамін пра тое, што краіна – гэта мы. І што наша агульнае заўтра пачынаецца сёння і тут – у нашай гатоўнасці чуць адзін аднаго, паважаць адзін аднаго і рабіць агульную справу. Ён – пуцяводная ніць гістарычнай памяці, якая злучае наша мінулае і сучаснасць.

Мы, беларусы, маем права гучна заявіць: Беларусь – адзіная і моцная! Наша краіна суверэнная, незалежная і скіраваная ў будучыню. І залог такой мэтанакіраванасці – наш нацыянальны лідар Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і наша нацыянальнае адзінства, якія даюць нам сілу для новых здзяйсненняў.

Пяць гадоў таму, у першы Дзень народнага адзінства, прымаючы ўдзел у маштабным форуме патрыятычных сіл «Сімвал адзінства», беларускі лідар падкрэсліў значэнне новага свята для ўсіх нас, хто жыве сёння: «Гэта наша гістарычная памяць. Памяць, якая звязвае ў адно цэлае людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад фатальных памылак. Уся наша гісторыя, часам складанага і драматычнага шляху да здабыцця і захавання сваёй дзяржаўнасці, не раз пацвярджала старажытную мудрасць: сіла ў адзінстве».

З Днём народнага адзінства, Беларусь!

 

(для прадстаўнікоў інтэлігенцыі)

 

Не так ужо і шмат у нашай роднай краіны дзяржаўных свят, якія адлюстроўваюць фундаментальныя вехі гісторыі. Нароўні з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у гэты лік уваходзіць і Дзень народнага адзінства, які наша краіна адзначае 17 верасня.

Гэта эпохальная дата для беларускага народа: у той дзень у 1939 годзе вызваленчым паходам Чырвонай арміі пачалося ўз’яднанне БССР і Заходняй Беларусі, якая ў 1921 годзе паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора была супрацьпраўна ўключана ў склад польскай дзяржавы без уліку меркавання нашага народа.

Даведачна:

Анексаваная ў 1921 годзе Польшчай этнічная беларуская тэрыторыя ў афіцыйных польскіх дакументах называлася «ўсходнімі ўскраінамі» («kresy wschodnie» – Крэсы Всходні). Гэта была амаль палова тэрыторыі Беларусі плошчай каля 113 тыс. км² з насельніцтвам каля 4 млн чалавек, больш за 70% якога складалі беларусы.

Менавіта з 17 верасня 1939 года ўсе беларусы атрымалі магчымасць жыць і развівацца разам, а таксама патэнцыял для будаўніцтва сваёй незалежнай дзяржавы.

Атрымаўшы ў 1921 годзе каля паловы Беларусі і чвэрць Украіны, Польшча стала дзяржавай, у якой палякі складалі толькі 64% насельніцтва. Тым не менш унутраная палітыка польскіх улад у міжваенны перыяд ажыццяўлялася пад лозунгам «Польшча – дзяржава аднаго народа».

Становішча нашых суайчыннікаў пад уладай Польшчы на працягу 18 доўгіх гадоў можна коратка ахарактарызаваць як нацыянальны і сацыяльны прыгнёт ва ўмовах акупацыі. Аднак у апошні час мы ўсё часцей выкарыстоўваем тэрмін «этнацыд» – гэта палітыка наўмыснага знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры, мовы і самасвядомасці пэўнага народа, пры якой група людзей перастае быць сама сабой, хоць фізічна (у адрозненне ад «геноцыду») людзі могуць і не знішчацца.

Даведачна:

Польскую палітыку, накіраваную на знішчэнне беларускай гістарычнай і нацыянальнай ідэнтычнасці, найлепш адлюстроўвае выступленне міністра адукацыі Польскай Рэспублікі Леапольда Скульскага ў Сейме ў 1936 годзе: «Запэўніваю вас, панове, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай не знойдзеце [ў крэсах ўсходніх] ніводнага беларуса».

Міністр юстыцыі Польшчы Аляксандр Мейштовіч* і зусім цынічна заявіў адразу пасля ажыццёўленага ў 1926 годзе Ю. Пілсудскім перавароту: «Беларусі самой гісторыяй наканавана быць мостам для польскай экспансіі на Усход. Беларуская этнаграфічная маса павінна быць перароблена ў польскі народ. Гэта прысуд гісторыі, мы павінны гэтаму спрыяць».*

Польскую палітыку ў дачыненні да насельніцтва «крэсав усходніх» (гэта значыць да нашых землякоў) можна коратка ахарактарызаваць палітыкай трох «о»: апалячванне, акаталічванне, асадніцтва. Апошняе азначала прыкладна наступнае: былому польскаму салдату выдзяляўся маёнтак, акружаны беларускім насельніцтвам. І ён павінен быў выжываць там, як на фронціры, супрацьстаячы мясцовым жыхарам і бязлітасна эксплуатуючы іх.

Даведачна:

Асабліва ярка такая палітыка праявілася ў адукацыі, калі закрываліся беларускія школы, бібліятэкі, хаты-чытальні. У пачатку 1920-х гг. у Заходняй Беларусі дзейнічалі 2 беларускія настаўніцкія семінарыі (у Борунах і Свіслачы), 8 беларускіх гімназій і каля 400 пачатковых беларускіх школ, але ўжо ў 1938/1939 навучальным годзе не засталося ніводнай беларускай школы.

Для беларусаў быў практычна закрыты доступ да вышэйшай адукацыі і навукі. У адзіным на тэрыторыі краю Віленскім універсітэце колькасць беларускіх студэнтаў не перавышала 3%.

Сістэматычна ліквідоўваліся беларускія газеты і часопісы, пераследаваліся беларускія дзеячы культуры, пісьменнікі і паэты. Беларуская інтэлігенцыя ў Заходняй Беларусі складала толькі 5% супраць 75% польскай.

У праваслаўных адбіраліся храмы, якія затым пераўтвараліся ў касцёлы. З сярэдзіны 1930-х гг. польскі ўрад праводзіў палітыку паланізацыі праваслаўнай царквы.

Сяляне пакутавалі ад беззямелля і падатковага цяжару. У пошуках лепшай долі да 150 тыс. сялян эмігравалі ў Заходнюю Еўропу, ЗША, Канаду, краіны Лацінскай Амерыкі. У гарадах расла беспрацоўе. У беларусаў заработная плата была значна ніжэйшай, чым у палякаў, а працаваць даводзілася па 10–12 гадзін.

Для падаўлення незадаволенасці і ўзмацнення рэпрэсіўнай палітыкі палякамі ў 1934 годзе быў створаны канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Першы нямецкі канцлагер Дахау быў створаны, нагадаю, у 1933 годзе. За пяць з невялікім гадоў праз польскую фабрыку жаху і нечалавечых пакут прайшло да 10 тыс. беларусаў.

Аднак нашым продкам нават у такіх умовах удалося захаваць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, не даць разарваць асновы духоўнай сувязі беларускага народа. «Нашы продкі трымаліся за свае карані і зямлю, перадаючы з пакалення ў пакаленне памяць і гісторыю свайго старажытнага роду. – нагадаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Г. Лукашэнка 17 верасня 2024 г. падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню народнага адзінства. – Нашы мова, вера і духоўнае адзінства не далі забыць, хто мы ёсць на самай справе»**.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся шырокі нацыянальна-вызваленчы рух. У ім удзельнічалі прадстаўнікі розных палітычных сіл, паказваючы тым самым, што беларусы ўмеюць салідарна адстойваць сваё нацыянальнае «я». Менавіта гэтая барацьба спрыяла ўмацаванню палітычнай і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, набліжала ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве.

Нацыянальнае адзінства і імкненне «ісці наперад» дазволілі ў найкарацейшыя тэрміны пасля ўз’яднання беларускага народа (усяго за паўтара года!) правесці каласальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў інтарэсах большасці насельніцтва.

Даведачна:

Ужо ў канцы 1940 года аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці ў заходніх абласцях БССР павялічыўся амаль удвая ў параўнанні з 1938 годам і склаў 27,6% прамысловай вытворчасці рэспублікі. Да 1941 года беспрацоўе ў рэгіёне практычна было ліквідавана.

Была наладжана бясплатная сістэма медыцынскага абслугоўвання. Калі ў 1938 годзе ў заходніх абласцях было толькі каля 80 бальніц і каля 1000 урачоў, то ў канцы 1940 года – ужо 243 бальніцы і радзільныя дамы, 207 паліклінік і амбулаторый. У медыцынскіх установах працавалі 1755 урачоў і 5585 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

Калі ў 1937/1938 навучальным годзе ў крэсах усходніх дзейнічала каля 4670 выключна польскіх школ, то ў 1940/1941 годзе – 5959 школ, з якіх больш за 4500 вялі навучанне на беларускай мове. У заходніх абласцях былі адкрыты 5 вышэйшых навучальных устаноў і 25 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

У наш час, калі сучасныя дзяржавы паўсюдна падвяргаюцца ціску з боку больш моцных сусветных гульцоў, а народы губляюць свае землі, традыцыі і каштоўнасці, страчваючы нацыянальную ідэнтычнасць, само час вярнуў гэтую дату ў наш каляндар дзяржаўных свят. Зацвярджэнне ў 2021 годзе Дня народнага адзінства стала важным крокам на шляху захавання гістарычнай памяці, пераемнасці пакаленняў, умацавання беларускай дзяржаўнасці і суверэннага развіцця нашай краіны.

****

Сёння Рэспубліка Беларусь з’яўляецца адным з паспяховых прыкладаў дзяржавыу цэнтры якой знаходзіцца чалавек, яго інтарэсы і патрэбы – з акцэнтам на прагрэсіўнае развіццё ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства.

Дзякуючы праводзімай сацыяльнай палітыцы Беларусь займае пазіцыю ў групе краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця, знаходзячыся на 65-м месцы сярод 193 краін у рэйтынгу паводле Індэкса чалавечага развіцця.

Даведачна:

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у 2025 годзе доля малазабяспечанага насельніцтва склала 3,4%.

Паводле даных за 2025 год, тры чвэрці хатніх гаспадарак рэспублікі адзначылі наяўнасць зберажэнняў.

Выдаткі дзяржаўнага бюджэту на меры сацыяльнай абароны сем’яў з дзецьмі штогод складаюць больш за 3% ВУП.

Устойлівай застаецца дынаміка пенсійных выплат. У Беларусі выдаткі на выплату пенсій складаюць каля 9% ВУП, што супастаўна з развітымі краінамі.

Павышаецца ўзровень забяспечанасці насельніцтва жыллём: 30,9 кв. метра ў разліку на аднаго жыхара ў цэлым па рэспубліцы ў 2025 годзе.

Якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі – гэта гарантыя, якую беларусам забяспечвае дзяржава. Наша краіна ўваходзіць у лік сусветных лідараў па колькасці праведзеных аперацый па перасадцы органаў і тканак, што можна лічыць прызнаннем дасягненняў усёй беларускай медыцыны.

Даведачна:

Толькі ў 2025 годзе беларускімі ўрачамі праведзена больш за 930 тыс. аперацый, з якіх больш за 83 тыс. – складаныя і больш за 96 тыс. – высокатэхналагічныя. У мінулым годзе па дапамогу да нашых урачоў звярталіся жыхары 158 краін свету.

У Беларусі навучыліся перасаджваць сэрца, ныркі, печань, лёгкія. Варта падкрэсліць, што трансплантацыі ныркі беларусы чакаюць у 6 разоў менш, чым, напрыклад, жыхары Вялікабрытаніі. У год у нашай краіне праводзіцца каля тысячы аперацый па трансплантацыі органаў.

Беларусь – адна з нямногіх краін свету з поўнай харчовай бяспекай паводле Глабальнага індэкса харчовай бяспекі (Global Food Security Index, GFSI).

Даведачна:

Мы маем высокі ўзровень самазабеспячэння асноўнымі спажывецкімі прадуктамі: па мясе – каля 140%, па малацэ – амаль 300%, яйках – больш за 130%, бульбе, гародніне – каля 100%.

У 2025 годзе беларуская харчовая прадукцыя экспартавалася ў больш чым 110 краін свету. Аснову экспартнага партфеля складае малочная прадукцыя – 40% усіх паставак. Мясная прадукцыя (19%) дэманструе рост канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў на міжнароднай арэне.

У нашай краіне працуюць больш за 1600 прадпрыемстваў машынабудавання, якія выпускаюць велізарны спектр транспартных сродкаў, машын і абсталявання, шырокі выбар бытавой тэхнікі і электронікі, а таксама вялікі асартымент вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры.

Тэхніка і электроніка, вырабленыя ў Беларусі, працуюць на ўсіх кантынентах зямнога шара.

Даведачна:

Толькі нашай краіне ўдалося вырабіць самазвал грузападымальнасцю 450 т (самазвал БелАЗ-75710 унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса адразу ў дзвюх намінацыях: самая вялікая грузападымальнасць і найбольшы кузаў).

На долю Рэспублікі Беларусь прыпадае каля 80% трактароў, якія вырабляюцца ў СНД, каля паловы хімічных валокнаў і нітак, а таксама пятая частка халадзільнікаў і маразільнікаў.

Сёння, калі іншыя дзяржавы толькі прыступаюць да рэалізацыі нацыянальных ядзерных праграм, Рэспубліка Беларусь ужо сфарміравала ўласную ядзерную інфраструктуру. Беларуская АЭС працуе на эканоміку і прыносіць каласальны эфект, а кампетэнцыі беларускіх спецыялістаў у сферы будаўніцтва атамных электрастанцый могуць быць запатрабаваны ў іншых краінах.

Даведачна:

Беларусь цалкам адмовілася ад імпарту электрычнай энергіі. АЭС забяспечвае каля 40% унутраных патрэб краіны ў электраэнергіі;

зніжана залежнасць рэспублікі ад імпартнага прыроднага газу;

атамная станцыя забяспечвае задавальненне растучага попыту на электраэнергію з боку рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва краіны. Па выніках 2025 года паказчык электраспажывання ў краіне склаў 43,1 млрд кВт·г;

станцыя стала драйверам развіцця сумежных галін эканомікі. Дадзены старт рэалізацыі цэлага шэрагу інавацыйных праектаў у прамысловасці, навуцы, медыцыне і інш.

Беларусь увайшла ў спіс касмічных дзяржаў. Мы валодаем сур’ёзнай навуковай базай у касмічнай галіне, закладзенай яшчэ ў савецкі час. Дзякуючы падыходам і рашэнням Кіраўніка дзяржавы гэтая база захавалася і дазволіла стварыць Беларускую касмічную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Даведачна:

У 2012 годзе на арбіту выйшаў першы беларускі спадарожнік, а сёння іх ужо чатыры.

Флагманскі праект бліжэйшай будучыні – запуск у 2028 годзе сумеснага расійска-беларускага спадарожніка, мэтавую апаратуру для якога распрацавала айчыннае прадпрыемства «Пеленг».

Атамная станцыя, космас, інавацыйнае машынабудаванне, Парк высокіх тэхналогій – напрамкі, арыентаваныя ў будучыню, яны развіваюць нас як нацыю. Яны спрыяюць таму, каб мы сталі яшчэ больш моцнай і квітнеючай дзяржавай для наступных пакаленняў беларусаў.

****

У 2026 годзе мы ўжо ў шосты раз будзем адзначаць 17 верасня Дзень народнага адзінства. І з кожным годам усё больш выразна разумеем значэнне гэтага свята.

Тады, у 1930-я гады, нашы продкі змаглі супрацьстаяць польскай экспансіі. Уз’яднанне беларускіх зямель у 1939 годзе – адна з найважнейшых гістарычных падзей для нашага народа. І для ўсіх пакаленняў, якія жылі і будуць жыць на гэтай зямлі, галоўнай каштоўнасцю нязменна была і будзе свабодная, моцная, квітнеючая Беларусь.

Гэта і ёсць непарушная аснова нашага адзінства.

 

(для работнікаў прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі)

 

XX стагоддзе стала часам беспрэцэдэнтных выпрабаванняў, але і каласальных магчымасцей для беларускага народа. Азіраючыся назад, з пачуццём ва ўсіх адносінах заслужанага гонару можна з пазіцый сучаснасці заявіць, што ўсе выклікі былі пройдзены з найвышэйшай годнасцю, а ўсе шанцы, якія адкрываліся ў рамках змяненняў геапалітычнай сітуацыі, былі выкарыстаны ў поўнай меры. Найважнейшыя падзеі мінулага стагоддзя, якія сталі этапнымі для дзяржаўнага і нацыянальнага будаўніцтва Беларусі, знайшлі сваё адлюстраванне ў дзяржаўных святах краіны.

Даведачна:

***Дзень народнага адзінства, нароўні з такімі датамі, як Дзень Перамогі, ****Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, ****Дзень Канстытуцыі, ***Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, уваходзіць у лік дзяржаўных свят, якія адлюстроўваюць лёсавызначальныя этапы ў гісторыі нашай Айчыны.

Перыяд пасля ўтварэння Беларускай ССР па праве можна назваць эпохай «збірання зямель беларускіх».

Каля стагоддзя таму, у 1920-я гг., адбыліся дзве хвалі пашырэння тэрыторыі маладой рэспублікі за кошт уключэння ў яе склад усходнебеларускіх зямель, якія часова знаходзіліся ў складзе РСФСР, што суправаджалася маштабнымі сацыяльна-эканамічнымі пераўтварэннямі. У БССР былі створаны структуры дзяржаўнага і мясцовага кіравання, развітая сацыяльная сфера з поўным ахопам насельніцтва, індустрыяльная вытворчасць і буйна-таварны аграрны сектар, якія адпавядалі сучасным стандартам свайго часу. У грамадскай свядомасці падтрымлівалася і ўмацоўвалася «пачуццё адзінай сям’і».

**Завяршальны этап фарміравання тэрыторыі Беларусі адбыўся восенню 1939 года. Ва ўмовах распаду польскай дзяржавы пад ударамі гітлераўскай Германіі вызваленчы паход Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі дазволіў узяць пад абарону мясцовае насельніцтва, забяспечыць канчатковае ўз’яднанне беларускага народа. У склад Беларусі вярнуліся яе гістарычныя землі Заходняй Беларусі, адарваныя ў 1921 годзе Польшчай у выніку несправядлівага Рыжскага мірнага дагавора. Сёння гэты трыумф гістарычнай справядлівасці ўвекавечаны ў нашым календары: Дзень народнага адзінства святкуецца 17 верасня і глыбока сімвалічна звязаны з датай пачатку вызваленчага паходу Чырвонай арміі.

Пераважна беларускі этнічны склад насельніцтва Заходняй Беларусі, гістарычныя традыцыі барацьбы супраць чужой польскай улады, духоўныя сувязі адзінага народа шмат у чым вызначылі спецыфіку аб’яднальнага працэсу восені 1939 года. Пераважная большасць беларусаў успрымала тагачасныя падзеі як акт гістарычнай справядлівасці, сустракала Чырвоную армію кветкамі і хлебам-соллю. Такім чынам быў завершаны працэс збірання «пад адным дахам» беларускага народа, створаны неабходны трывалы падмурак беларускай нацыі і беларускай дзяржавы.

Рэінтэграцыя «з вялікай зямлёй» была не проста актуальнай – гэта быў адзіны гістарычны шанец на самазахаванне заходняй часткі беларускага этнасу. Іншы вынік стаў бы занадта адчувальнай стратай для нацыі ў цэлым.

Хоць юрыдычна Рыжскі мірны дагавор і даў пэўныя гарантыі беларусам як нацыянальнай меншасці ў складзе польскай дзяржавы, досыць хутка Варшава перастала абцяжарваць сябе неабходнасцю дэманстраваць цывілізаванае стаўленне да насельніцтва анексаваных тэрыторый Заходняй Беларусі. Наўзамен польскія ўлады перайшлі да поўнамаштабнай, агрэсіўнай стратэгіі прымусовага растварэння і канчатковага «сцірання» беларускага этнасу.

Ідэі польскіх эліт 1921–1939 гг. у дачыненні да беларусаў дастаткова пэўна выказваў міністр замежных спраў Польскай Рэспублікі Р. С. Дмоўскі, які заяўляў, што не толькі Заходняя, але і Цэнтральная Беларусь з г. Мінскам – гістарычныя польскія тэрыторыі, а самі беларусы з’яўляюцца «палякамі нізкага гатунку». У гэтым кантэксце ён разважаў пра тое, што тэрыторыі Заходняй Беларусі можна разглядаць выключна як калонію Польшчы.

Даведачна:

**Напрыклад, выкарыстоўваліся класічныя інструменты каланіяльнай палітыкі, вядомыя яшчэ з часоў Рымскай імперыі, – укараненне на заваяваных тэрыторыях ваенных пасяленцаў (армейскіх ветэранаў). У той час, калі беларускія сяляне пакутавалі ад малазямелля і поўнага беззямелля (150 тыс. з іх былі вымушаны па гэтай прычыне эміграваць у Заходнюю Еўропу, Канаду, ЗША, Лацінскую Амерыку), па тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1939 года было расселена 10 тыс. асаднікаў – былых польскіх ваеннаслужачых (яны атрымлівалі лепшыя землі на льготнай аснове).

Р. С. Дмоўскі прапаноўваў шлях асіміляцыі беларусаў (і ўкраінцаў) паводле прынцыпу, які выкарыстоўваўся ў позняй Рэчы Паспалітай XVIII ст., – паланізацыю з упорам на школьную гістарычную і моўную адукацыю.

Даведачна:

І гэта былі не проста ідэі або разважанні на агульныя тэмы. Калі на далучаных да Польшчы беларускіх землях на пачатак 1919 года дзейнічалі 359 беларускіх школ, то да 1924 года – толькі 37, а да 1939 года ўжо не засталося ніводнай беларускай школы, не кажучы ўжо пра сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.* Сетка польскіх школ, якая прыйшла ім на змену, не спраўлялася з задачай усеагульнай хаця б пачатковай адукацыі – у 1938/1939 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не наведвалі школу больш за 100 тыс. дзяцей.*

Для беларусаў быў практычна закрыты доступ да вышэйшай адукацыі і навукі. У адзіным на тэрыторыі краю Віленскім універсітэце колькасць беларускіх студэнтаў не перавышала 3%.

Уладамі сістэматычна ліквідаваліся беларускія газеты і часопісы, бібліятэкі, клубы.

З мэтай паланізацыі ўлады актыўна выкарыстоўвалі польскі каталіцкі касцёл, які ўсяляк замацоўваў у свядомасці вернікаў тэзіс пра тое, што католік – значыць паляк.

Усё гэта – прамое сведчанне палітыкі этнацыду – знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці, самасвядомасці беларускага народа!

Тыя, хто спрабаваў адстойваць правы беларусаў, падвяргаліся рэпрэсіям.

Даведачна:

Так, у канцы 1923 года ў турмах Заходняй Беларусі налічвалася 1300 палітычных зняволеных, а ў жніўні 1927 г. – ужо 3 тыс. Толькі за 1923 год у Польшчы былі прысуджаны да смяротнага пакарання 109 чалавек, большасць з іх – беларускія патрыёты. Для ўзмацнення рэпрэсіўнай палітыкі ў 1934 годзе быў створаны Бяроза-Картузскі канцлагер, рэжым у якім не саступаў варварскім парадкам у канцлагерах нацысцкай Германіі.

Заканамерна, што ўвесь гэты перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала нацыянальна-вызваленчае падполле, якое набыло характар узброенай партызанскай барацьбы.

Даведачна:

Ужо ў красавіку 1921 г. Цэнтральны Камітэт Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзброенага паўстання на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Улетку 1921 года ён стварыў Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з В. М. Пракулевічам.

На Палессі, у Навагрудскім і Віленскім ваяводствах партызанскі рух развіваўся пад кіраўніцтвам камуністаў. Найбольш вядомымі лідарамі партызанскай барацьбы, якія ў далейшым выкарысталі свой вопыт у гады Вялікай Айчыннай вайны, былі К. П. Арлоўскі, С. А. Ваупшасаў, В. З. Корж, А. М. Рабцэвіч і іншыя.

Некаторыя партызанскія атрады і злучэнні былі дастаткова шматлікімі і добра арганізаванымі. Так, партызанскае злучэнне, якое дзейнічала на Беласточчыне пад камандаваннем Г. Д. Шыманюка, уключала каля 12 партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю каля 1000 чалавек.

У сваю чаргу, міністр адукацыі і рэлігіі Польскай Рэспублікі ў 1925–1926 гг. С. Грабскі сцвярджаў, што беларусы ніколі не з’яўляліся народам і ўсе ідэі, звязаныя з прадастаўленнем беларусам права на існаванне, з’яўляюцца «выдумкамі бальшавікоў».

Нельга не адзначыць з гэтай нагоды, што «выдумкі бальшавікоў» аказаліся вельмі паспяховымі. Верагодна, таму, што адпавядалі імкненням беларускага народа, працавалі на стварэнне, а не на разбурэнне. Калі ў міжваеннай Польшчы беларусам адмаўлялі ў праве называцца людзьмі, то ў СССР права беларускага народа на самавызначэнне было безумоўна прызнана, а Савецкая Расія ў свой час аказалася адзінай геапалітычнай сілай, якая замацавала гэты статус.

Савецкая ўлада пры ўключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР выявіла на яе тэрыторыі адсталую сельскую гаспадарку, неразвітую апрацоўчую прамысловасць (разрыў у аб’ёмах вытворчасці з Савецкай Беларуссю складаў 9 разоў!) і практычна адсутныя транспартныя камунікацыі. Гэта была эканоміка, у якой вызначальную ролю адыгрывалі дробныя гандляры і рамеснікі. Але ўжо да канца 1940 года ў заходніх абласцях БССР дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх было занята каля 40 тыс. чалавек, што ў 1,6 раза больш у параўнанні з 1938 годам. Аб’ём прамысловай прадукцыі ў параўнанні з 1938 годам вырас у 2 разы. Быў устаноўлены 8-гадзінны рабочы дзень, ліквідавана беспрацоўе, уведзена бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, адменена плата за навучанне ў школах. Значныя станоўчыя змены адбыліся ў народнай асвеце, ахове здароўя, навуцы і культуры.

Даведачна:

За кароткі час колькасць бальніц павялічылася ў тры разы і была наладжана бясплатная сістэма медыцынскага абслугоўвання.

Дзейнічалі 4500 школ, навучанне ў якіх вялося на беларускай мове, былі адкрыты 5 вышэйшых навучальных устаноў і 25 сярэдніх спецыяльных. У пачатку 1941 года каля 170 тысяч дарослых наведвалі школы па ліквідацыі непісьменнасці.

Дзейнічалі 5 тэатраў, 220 бібліятэк, 211 кінатэатраў. У Брэсцкай вобласці адкрыліся 8 музеяў, у Гродзенскай – 12. Пачалі выдавацца беларускамоўныя газеты.

Такім чынам, за 1 год і 9 месяцаў, якія прайшлі з моманту ўз’яднання беларускіх зямель да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, быў зроблены значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, што стала найважнейшай перадумовай для далейшага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця беларускага народа.

Наступныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, усенароднае супраціўленне гітлераўскай акупацыі, перыяд пасляваеннага аднаўлення і 35 гадоў суверэннага развіцця Рэспублікі Беларусь пацвердзілі адзінства беларускага народа, адсутнасць падзелу на «заходнікаў» і «ўсходнікаў» з пункту гледжання менталітэту, палітыка-ідэалагічных пераваг, падыходаў да арганізацыі гаспадарчай дзейнасці або канфесійнай прыналежнасці.

Менавіта гэты непарушны стрыжань згуртаванасці стаў галоўнай гарантыяй развіцця Беларусі ў найноўшы перыяд яе суверэннай гісторыі. Адзінства народа і моцнай дзяржаўнай улады на чале з нацыянальным лідарам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам дазволілі пераадолець сістэмны крызіс 1990-х гг., захаваць савецкую індустрыяльную спадчыну і абараніць краіну ад спробы рэалізацыі разбуральнага сцэнарыя «каляровага» мяцяжу ў 2020 годзе. Сёння Рэспубліка Беларусь дэманструе ўсяму свету выдатныя дасягненні, кожнае з якіх з’яўляецца прамым вынікам народнага адзінства.

Краіна дасягнула абсалютнай харчовай бяспекі і энергетычнага суверэнітэту, увайшла ў клуб ядзерных і касмічных дзяржаў, атрыманы значныя вынікі ў лічбавізацыі і рабатызацыі, біятэхналогіях і фармацэўтыцы, машына- і прыборабудаванні, новых кампазітных матэрыялах і многіх іншых галінах.

Міжнародныя рэйтынгі пацвярджаюць дасягнуты Беларуссю прагрэс па цэлым шэрагу напрамкаў.

Даведачна:

У прыватнасці, у 2026 годзе наша краіна заняла 35-е месца сярод 169 краін у рэйтынгу дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця паводле «Sustainable Development Report 2026».

Беларусь уваходзіць у катэгорыю краін з вельмі высокім узроўнем развіцця і займае 65-е месца паводле Індэкса чалавечага развіцця (усяго 193 дзяржавы).

Паводле Індэкса гендарнай роўнасці Беларусь знаходзіцца на 28-й пазіцыі са 172. Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі ў рэйтынгу былі ахова рэпрадуктыўнага здароўя, грамадзянскія правы і магчымасці, эканамічная актыўнасць і магчымасці на рынку працы.

У рэйтынгу лепшых краін па якасці жыцця (Goodlife Index 2026), падрыхтаваным міжнароднай кансалтынгавай кампаніяй «CS Global Partners», Беларусь знаходзіцца на 44-й пазіцыі са 152 краін (Расія – 50, Казахстан – 54, Азербайджан – 75).

Згодна з рэйтынгам Bloomberg, Беларусь займае 49-е месца па эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя. Асаблівасцю нашай краіны з’яўляецца шырокая даступнасць медыцынскіх паслуг і магчымасць атрымаць бясплатна нават самыя высокатэхналагічныя з іх.

Беларусь займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу найбольш камфортных для мацярынства краін.

Згодна з вынікамі праведзенага ў красавіку 2026 г. усерасійскага даследавання аналітычнага цэнтра ВЦІОМ, тры чвэрці рэспандэнтаў (75%) упэўнены, што Беларусь з’яўляецца найбольш стабільнай і паспяховай сярод краін СНД (на другім месцы Казахстан – 47% апытаных).

Нягледзячы на ваганні міжнароднай кан’юнктуры і дэстабілізуючы ўплыў эканамічных санкцый з боку недружалюбных дзяржаў, Беларусь спраўляецца з любымі выклікамі і дэманструе ўстойлівы рост па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця, такіх як ВУП, прадукцыйнасць працы, інвестыцыі ў асноўны капітал, аб’ёмы вытворчасці і экспарту сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, а таксама паслуг, міжнародныя рэзервовыя актывы. Усё гэта дазволіла знізіць стаўку рэфінансавання, кантраляваць інфляцыю, падтрымліваць стабільна нізкі ўзровень беспрацоўя і паступова павялічваць рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва.

Плануецца, што да 2040 года Беларусь набудзе новую якасць росту эканомікі і выйдзе на сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці, абапіраючыся на дасягненні айчыннай навукі і іх непасрэднае практычнае прымяненне ў сферах вытворчасці і паслуг. Зразумела, што ўсе гэтыя мэты будуць дасягнуты толькі ва ўмовах грамадзянскай згоды, заснаванай на патрыятызме.

Вынікі сацыялагічных даследаванняў, якія праводзіліся Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў 2025 і 2026 гг., паказалі, што патрыётамі ў той ці іншай ступені сябе лічаць большасць апытаных беларусаў – 85,6% (сума адказаў «так» і «хутчэй так»). Не лічаць сябе патрыётамі толькі 4,9% (сума адказаў «не» і «хутчэй не»), а 9,5% рэспандэнтаў не маюць адназначнага адказу на гэтае пытанне.

Даведачна:

У якасці найбольш значных крытэрыяў патрыятызму ўдзельнікі апытання назвалі: неабходнасць жыць і працаваць у Беларусі, павагу да дзяржаўнай сімволікі і гісторыі Беларусі, любоў да беларускай культуры і мовы, гатоўнасць у цяжкія часы абараняць краіну, актыўную дзейнасць на карысць краіны, адчуванне цеснай сувязі са сваёй нацыяй.

На думку рэспандэнтаў, асноўнымі фактарамі згуртаванасці беларускага народа выступаюць: жаданне жыць у стабільнасці і дастатку, пражыванне ў асобнай і незалежнай краіне, гістарычнае мінулае, агульнанацыянальныя каштоўнасці і традыцыі, ментальнасць і рысы характару, паходжанне і роднасныя карані.

Таксама ўдзельнікі апытання заяўляюць, што на згуртаванасць народа ўплываюць: наяўнасць беларускага грамадзянства, асаблівасці нацыянальнай культуры і мова, моцная дзяржаўная ўлада.

Дзяржаўныя святы адыгрываюць важную ролю ў жыцці любой краіны. Яны ўяўляюць сабой памятныя даты, якія адлюстроўваюць важныя этапы развіцця краіны, служаць сувязным звяном паміж дзяржавай і яе грамадзянамі, забяспечваючы пераемнасць і кансалідацыю. У ходзе праведзеных сацыялагічных даследаванняў было пацверджана, што большасць грамадзян нашай краіны прынялі Дзень народнага адзінства «сэрцам». Так, 92,8% апытаных падзяляюць ідэйны сэнс, закладзены ў святкаванне Дня Перамогі, 87,6% – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сэнсавую напоўненасць Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь падзяляюць 78,7% рэспандэнтаў, Дня народнага адзінства – 75,5%. Блізкія ідэі Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, а таксама Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь для 74,4% і 73,1% апытаных адпаведна.

****

Дзень народнага адзінства – фундаментальная дата ў календары дзяржаўных свят Рэспублікі Беларусь і значны фактар нацыянальнага гонару. Напярэдадні свята, якое сімвалізуе ўз’яднанне нашага народа восенню 1939 года ў адзінай дзяржаве і працэс кансалідацыі беларускай нацыі, мы асабліва выразна ўсведамляем: сіла беларусаў – у адзінстве, шчырым імкненні прынесці карысць Айчыне, непарушнасці традыцый і пераемнасці пакаленняў!

Але сёння мала сказаць, што мы за суверэнітэт, за моцную і квітнеючую Беларусь. Павінен быць рэальны ўклад кожнага грамадзяніна ў гэтую найважнейшую агульную справу. Перш за ўсё праз добрасумленную працу і якаснае выкананне ўскладзеных на кожнага з нас абавязкаў. Гэта ўдвая актуальна ў пяцігодку якасці і ўтрая актуальна ва ўмовах геапалітычнага шторму, у якім мы знаходзімся.

 

(для маладзёжнай аўдыторыі)

 

17 верасня 1939 г. — асаблівая дата для беларусаў. Гэта дзень уз'яднання штучна падзеленага беларускага народа ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 года. Дата прымеркавана да пачатку паходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь і БССР аб'ядналіся, аднавіўшы гістарычную справядлівасць.

Даведачна:

1 верасня 1939 г. гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. У гэтых умовах урад СССР прыняў рашэнне ўзяць пад сваю абарону насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

16 верасня 1939 г. у 16:00 у часцях Чырвонай арміі Беларускага фронту быў зачытаны загад аб вызваленчым паходзе на Захад. У загадзе падкрэслівалася вызваленчая місія савецкіх войскаў, якія павінны былі аказаць неадкладную дапамогу ўкраінскім і беларускім працоўным, каб выратаваць іх і ўзяць пад абарону ад ворага.

Абсалютная большасць жыхароў Заходняй Беларусі сустракала воінаў Чырвонай арміі як сваіх вызваліцеляў ад польскага прыгнёту.

Але менавіта восень 1939 года стала гістарычным часам, пасля якога беларусы пачалі жыць у адной краіне — спачатку ў БССР, а затым — у Рэспубліцы Беларусь. Без гэтай падзеі не было б сучаснай суверэннай Беларусі ў яе цяперашніх межах. Таму гэтая дата таксама сімвалізуе набыццё дзяржавай яе натуральных і непадзельных межаў. Увосень 1939 года тэрыторыя БССР павялічылася амаль удвая. Удвая вырасла і насельніцтва рэспублікі. Аднак важныя не самі лічбы, а тое, што беларусы аб'ядналіся ў адзіную нацыю.

Дзень народнага адзінства — гэта сімвал гістарычнага афармлення беларускай нацыі, шчырага імкнення беларусаў жыць адной сям'ёй ва ўласным доме.

Сучасная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь уключае землі, гістарычна заселеныя нашым народам (беларуская народнасць), не закранаючы інтарэсаў іншых этнасаў. У гэтай сувязі любыя прэтэнзіі на нашы землі, любая негатыўная інтэрпрэтацыя падзей 1939 года, звязаных з уз'яднаннем тэрыторыі нашай краіны, — гэта не што іншае, як грубая фальсіфікацыя гісторыі, цяжкая абраза нашага народа і дзяржавы.

Як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнка, «нам чужога не трэба, але свайго не аддамо». І гэтая фраза гранічна ясная і зразумелая, але, на жаль, не ўсім. За мяжой нашай краіны яна ніяк не можа змясціцца ў «прамытых» галовах некаторых прадстаўнікоў заходняга істэблішменту. А ўсё максімальна проста і мае глыбокія гістарычныя карані: спрадвеку індывідуалізм з'яўляецца адной з галоўных асноў заходняй цывілізацыі, іх менталітэту. Там няма сяброў, ёсць толькі партнёры, а партнёрам можна быць роўна столькі, пакуль ты прыносіш выгаду. На гэтым будавалася тады і будуецца сёння класічная заходняя палітыка.

Даведачна:

Палітыку нацыянальнай асіміляцыі, прымусовай паланізацыі і сацыяльна-эканамічнага прыгнёту праводзілі польскія ўлады і ў 1921–1939 гг., калі амаль палова Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора адышла да Польшчы. Частка нашага народа, якая апынулася пад Польшчай, павінна была знікнуць. Апалячыцца. Гвалтоўна змяніць веру. Змяніць усё аж да мовы, імёнаў і самога ладу жыцця.

На акупаваных беларускіх тэрыторыях, якія палякі называлі «крэсы ўсходнія», яны паводзілі сябе як каланізатары.

Заходняя Беларусь ператварылася пры Польшчы ў адсталы аграрна-сыравінны рэгіён польскай дзяржавы.

Для беларусаў жа гістарычна характэрныя талака, узаемадапамога, высокая салідарнасць, якія глыбока ўкараніліся ў нацыянальнай культуры і менталітэце. Гэта наш лад жыцця, наша адкрытасць, бескарыслівасць, спачуванне тым, хто апынуўся ў бядзе.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі беларусы гуртаваліся ўсім светам, нашай беларускай «талакой», і аднаўлялі краіну. Так было і ў 1939 годзе, калі ў найкарацейшыя тэрміны (крыху больш чым за паўтара года!) пасля ўз'яднання беларускага народа былі праведзены значныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях Беларусі.

Даведачна:

Ужо ў канцы 1940 года аб'ём валавой прадукцыі прамысловасці ў заходніх абласцях БССР павялічыўся амаль удвая у параўнанні з 1938 годам і склаў 27,6% прамысловай вытворчасці рэспублікі. Да 1941 года беспрацоўе ў рэгіёне практычна было ліквідавана. За кароткі час была наладжана бясплатная сістэма медыцынскага абслугоўвання. Значныя станоўчыя перамены адбыліся ў сферах адукацыі і культуры.

Гістарычныя падзеі даказваюць нашу здольнасць, адзінага беларускага народа, вытрымліваць знешні ціск і пераадольваць унутраныя цяжкасці. Успомнім: падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія сталі страшным бескампрамісным выпрабаваннем на адзінства. Яны паказалі, што ў нашага народа адзін вораг, з якім неабходна змагацца (дарэчы, паказальна, што першы партызанскі бой быў дадзены акупантам на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі), — нямецка-фашысцкія захопнікі, адзін саюзнік — савецкі народ. Цяжкія ваенныя выпрабаванні толькі мацней, цясней згуртавалі беларускі народ, чаго не скажаш пра шэраг суседніх дзяржаў. Пасляваеннае аднаўленне праходзіла як агульнанародная задача, калі мільёны людзей здзейснілі працоўны подзвіг дзеля адраджэння разбуранай краіны.

Сіла згуртаванасці, адзінства — гэта не проста палітычныя тэрміны для беларусаў, а здольнасць выстаяць у складаныя перыяды гісторыі, каб адстаяць сваё нацыянальнае «я».

Нягледзячы на ўсе маштабныя рэпрэсіўныя меры, якія прымаліся польскімі ўладамі на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў (1921–1939 гг.) у дачыненні да мясцовых жыхароў Заходняй Беларусі, ім так і не ўдалося знішчыць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, разарваць асновы духоўнай сувязі беларускага народа.

Дзякуючы нацыянальнаму адзінству, тытанічнай працы і самаадданасці цэлых пакаленняў сёння мы жывём у дынамічна развіваючайся краіне, якая займае лідзіруючыя пазіцыі ў многіх сферах на сусветнай арэне.

Рэспубліка Беларусь — краіна для жыцця. Дзяржаву з лепшымі суадносінамі ўсіх даброт знайсці вельмі складана.

За час суверэннай Беларусі дзякуючы сацыяльнай арыентаванасці дзяржаўнай палітыкі доля малазабяспечанага насельніцтва скарацілася больш чым у 10 разоў. Паводле афіцыйных даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, па выніках 2025 года доля такіх грамадзян у Беларусі склала 3,4%, што з'яўляецца самым нізкім паказчыкам за ўсю гісторыю назіранняў у краіне (!). А гэта азначае, што афіцыйныя даходы беларусаў павялічваюцца і ўсё больш грамадзян могуць забяспечыць сабе базавы ўзровень жыцця.

Калі разглядаць гэтае пытанне з пункту гледжання канкрэтнага чалавека (ці сям'і), то памяншэнне долі малазабяспечанага насельніцтва спрыяе таму, што грамадзяне пачынаюць траціць менш грошай на базавыя прадукты харчавання і з'яўляюцца сродкі на бытавую тэхніку, адзенне, вольны час і інш. Больш грамадзян могуць дазволіць сабе платную медыцыну, стаматалогію, развіваючыя гурткі для дзяцей, вышэйшую адукацыю і г.д.

У выніку за апошнія 4 гады ў структуры грашовых расходаў хатніх гаспадарак доля расходаў на спажыванне скарацілася, а выдаткі на ўклады і зберажэнні выраслі. Гэта сведчыць пра тое, што паляпшаецца фінансавае становішча і ўзровень жыцця беларусаў. Паводле даных за 2025 год, тры чвэрці хатніх гаспадарак рэспублікі адзначылі наяўнасць зберажэнняў.

Вялікая ўвага ў рэспубліцы надаецца сем'ям. Падтрымка сям'і з'яўляецца нацыянальным прыярытэтам. Бо сям'я выступае найважнейшай крыніцай фарміравання і развіцця асобы, узнаўлення чалавечага капіталу, назапашвання і перадачы традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей. Менавіта таму сёння рэалізуецца цэлы комплекс мер для падтрымкі сем'яў пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. Бацькам аказваецца вельмі адчувальная матэрыяльная дапамога. Ствараюцца камфортныя ўмовы для жыцця і выхавання дзяцей, будуюцца жыллё, дзіцячыя сады, школы, медыцынскія ўстановы. Павышаюцца якасць і даступнасць адукацыі і медыцынскай дапамогі.

Расходы дзяржаўнага бюджэту на меры сацыяльнай абароны сем'яў з дзецьмі штогод складаюць звыш 3% ВУП. Шматмэтавай фінансавай падтрымкі для сем'яў з дзецьмі, як у Беларусі, няма нідзе ў свеце. Усе меры ў комплексе спрыяюць таму, што колькасць шматдзетных сем'яў павялічваецца.

Даведачна:

У Беларусі пражывае больш за 120 тыс. шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей ва ўзросце не старэйшым за 18 гадоў. І меры дзяржаўнай падтрымкі ўплываюць на тое, што такіх сем'яў становіцца ўсё больш.

У маладых людзей у Беларусі пры прыняцці рашэння завесці дзяцей няма падстаў для страхаў. І асабліва радуе, што ў беларускім грамадстве статус паспяховай шматдзетнай сям'і становіцца прэстыжным і годным для пераймання.

Беларусы заўсёды з пашанай ставяцца да старэйшых, таму клопат пра пажылых людзей і ветэранаў быў і будзе ў ліку прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі рэспублікі. Дзяржаўная палітыка Беларусі перш за ўсё накіравана на падтрыманне дастойнага ўзроўню жыцця, медыцынскага абслугоўвання і актыўнага даўгалецця праз комплексную сістэму сацыяльнай абароны асоб сталага ўзросту. Не варта забываць і пра тое, што вы, наша моладзь, павінны з пашанай ставіцца да старэйшых, таму клопат пра пажылых людзей і ветэранаў — у тым ліку і ваш абавязак. Бо дзякуючы самаадданай працы старэйшых пакаленняў у нас цяпер суверэнная і мірная дзяржава. Іх праца стала фундаментам для нашага з вамі дабрабыту.

Дабрабыт грамадства залежыць ад гатоўнасці маладых людзей цаніць і абараняць дасягненні мінулага, развіваючы іх далей. Толькі так можна будаваць суверэнную і незалежную Беларусь, абапіраючыся на дасягненні папярэднікаў. У гэтым — пераемнасць пакаленняў.

Дзякуючы праводзімай сацыяльнай палітыцы Беларусь захавала свае пазіцыі ў групе краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця, заняўшы 65-е месца сярод 193 краін у рэйтынгу па Індэксе чалавечага развіцця.

Гонар кожнага беларуса — наша медыцына. Намаганнямі многіх пакаленняў беларускіх медыкаў у краіне створана і функцыянуе даступная і эфектыўная сістэма аказання медыцынскай дапамогі.

Наша краіна ўваходзіць у лік сусветных лідараў па колькасці праведзеных аперацый па перасадцы органаў і тканак, што можна лічыць прызнаннем дасягненняў усёй беларускай медыцыны.

Беларусь не толькі цалкам забяспечвае свае ўнутраныя патрэбы ў асноўных прадуктах харчавання, але і з'яўляецца буйным экспарцёрам харчовай прадукцыі, пастаўляючы малочную і мясную прадукцыю больш чым у 110 краін свету. Экспарт прадукцыі аграпрамысловага комплексу вымяраецца мільярдамі долараў, займаючы значную долю ў эканоміцы краіны.

Продовольчая бяспека краіны — гэта вынік штодзённай працы тысяч беларусаў: механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў розных участкаў сельскагаспадарчай вытворчасці і інш.

Беларусь — інтэлектуальная краіна. У нас няма газу і ў дастатковай колькасці нафты, таму стаўка робіцца на інтэлект і нашу моладзь. Менавіта таму ў сістэме адукацыі захоўваецца сацыяльная арыентаванасць нашай адукацыі, яе даступнасць і высокая якасць.

Сёння кожны прадстаўнік маладога пакалення мае магчымасць атрымаць тую адукацыю, з якой потым на працягу ўсяго жыцця зможа прафесійна рэалізоўваць сябе на карысць нашай краіны.

Патэнцыял маладых грамадзян — стратэгічны рэсурс эканомікі. Галоўная задача для моладзі — старанна вучыцца і працаваць, каб захаваць тое, што мы маем сёння.

Даведачна:

Беларусь увайшла ў дваццатку сусветнага рэйтынгу краін па ўзроўні інтэлекту ў 2026 годзе і заняла 17-е месца сярод 137 краін. Такім чынам, наша краіна паказала вынік вышэйшы за сярэднесусветны ўзровень.

Беларусь таксама прыкметна апярэджвае сваіх бліжэйшых суседзяў. Так, Літва заняла ў рэйтынгу 30-е месца, Польшча знаходзіцца на 40-м месцы, Латвія — на 43-й пазіцыі. Украіна займае 84-е месца.

Зараз эпоха інавацый, інтэлектуальнага прарыву, найноўшых тэхналогій. Таму Беларусь робіць стаўку на інавацыі і развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей.

Даведачна:

Напрыклад, кожны трэці рубель ад выручкі беларускія прадпрыемствы машынабудавання атрымліваюць ад рэалізацыі інавацыйнай прадукцыі.

Сучасны машынабудаўнічы комплекс краіны — ключавая сфера эканомікі, дзе сканцэнтраваны асноўныя тэхналагічныя і інтэлектуальныя кампетэнцыі для вырашэння стратэгічных задач. Наша тэхніка і электроніка, вырабленыя ў Беларусі, працуюць на ўсіх кантынентах зямнога шара. А беларускі самазвал БелАЗ, трактар «Беларус» і камбайн «Палессе» — вядомыя ва ўсім свеце.

Беларусь паставіла мірны атам на службу людзям. А гэта дадзена не ўсім дзяржавам. Толькі тым, дзе высокі ўзровень пісьменнасці, дзе тэхналогіі апярэджваюць час, дзе інтэлект, праца і адказнасць сплецены ў адно цэлае.

Беларусь — у ліку касмічных дзяржаў. Статус дзяржавы пацверджаны ўласнымі спадарожнікамі на арбіце, удзелам у профільным камітэце ААН і палётам першай беларускай касманаўткі М. Васілеўскай на Міжнародную касмічную станцыю ў 2024 годзе. І вельмі хочацца верыць, што гэта толькі пачатак.

Далейшае развіццё суверэннай Беларусі ў розных сферах будзе залежаць толькі ад вас, асабістага ўкладу кожнага з вас.

Праца кожнага беларуса з'яўляецца такім магутным кансалідуючым фактарам. Праз агульную працу фарміруецца пачуццё дачынення да лёсу краіны, пераадольваюцца сацыяльныя бар'еры і нараджаецца агульны гонар за вынік.

Але ўсяго гэтага магло б не быць, калі б тады, у 1930-я гг., нашы продкі не змаглі супрацьстаяць польскай экспансіі. Таму ўз'яднанне беларускіх зямель у 1939 годзе — адна з найважнейшых гістарычных падзей для нашага народа. У сусветнай гісторыі яно таксама мела значэнне: адсунула вар'яцкі бліцкрыг Гітлера на два гады і дапамагло Савецкаму Саюзу перамагчы ў вайне. Бо калі б мяжа СССР з Польшчай праходзіла недалёка ад г. Мінска (як да 17 верасня 1939 г.), г. Масква наўрад ці выстаяла б пад націскам фашыстаў.

****

Нягледзячы на тое, што Дзень народнага адзінства — самае маладое дзяржаўнае свята (заснавана Кіраўніком дзяржавы А.Г. Лукашэнкам у 2021 годзе), разам з тым яно ўжо заняло сваё ганаровае месца побач з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Гэты дзень служыць аб'ектыўным напамінам пра самадастатковасць беларускай нацыі і непахіснасць беларускай дзяржаўнасці, сімвалізуе пераемнасць усіх пакаленняў беларускага народа, фарміруе пачуццё дачынення кожнага грамадзяніна да лёсу краіны і ўмацоўвае згуртаванасць грамадства на шляху пабудовы моцнай, суверэннай і квітнеючай Беларусі!

Са святам вас, дарагая наша моладзь! З Днём народнага адзінства!